Учора, 12 сакавіка, у Палацы мастацтваў адкрыліся дзве цікавыя выставы: "Пагоня-20", прысвечаная 20-годдзю суполкі, і "Маладзёжная-2011" - з творамі маладых мастакоў.
Сённяшняя "Маладзёжная", у прынцыпе, як і адпаведныя праекты мінулых гадоў, асабліва не ўразіла. Ад моладзі чакаеш правакацый, эпатажу, дыскусіі. А тут - усё гладзенька, "прычэсана", як кажа Руслан Вашкевіч, нібы вучнёўская справаздача. Гэта не сучасны ўзровень моладзевых праектаў. Ды і ніжнія залы, адведзеныя пад маладзёжную выставу, не зусім прэзентабельныя, недастаткова асветленыя - і, у рэшце рэшт, атрымоўваецца гэткая справаздача выпускнікоў мастацкіх спецыяльнасцяў. Цікавыя творы, канечне, ёсць, але ў сукупнасці - нічога канцэптуальнага. Хоць і абвяшчалася, што ўдзельнічаць у выставе можа любы малады аўтар, незалежна ад членства ў Саюзе мастакоў - гэтай атавістычнай прыкметы прафесійнай годнасці ; казалі і пра жорсткі адбор, які ладзіўся - нібыта здаваць свае працы стаялі цэлыя шэрагі...
І я не думаю, што ў нас бы не знайшлося дастаткова маладых, каб зрабіць сапраўды амбітны праект і задзейнічаць усе залы Палаца мастацтваў (прыкладаў шэраг - узгадаць той жа "Дах"). Ды і наогул, мастак павінен быць маладым па духу, а не па ўзросту. А часта, на жаль, сустракаеш, наадварот, аўтараў з заімшэлай творчай свядомасцю.
Зразумела, што такі вынік прадвызначаны пазіцыяй кіруючых колаў - у мастацтве і не толькі - якую яны займаюць у адносінах да маладога пакалення.
|
"Цывілізацыя" |
|
Праца маладога мастака Васілія Зянько |
|
Павел Амялюсік "Мультыплікацыя" |
|
Раман Сустаў |
|
Віталь Гуназа |
|
Дар'я Кавалько "Горад" |
|
Соф'я Піскун "Евангеліст Лука" |
|
Алена Паплыка "Фуга" |
Больш спадабалася мне выстава суполкі "Пагоня". І няхай няма тут ультрасучасных знаходак, асаблівых контркультурных правакацый і інш. Гэта, хутчэй, класічнае мастацтва. Але затое ў залі ўлоўлівалася станоўчая энергетыка, панавала атмасфера шчырасці і творчай свабоды. (І справа не толькі ў наяўнасці прац нонканфармісцкай скіраванасці таго ж Пушкіна ці Марачкіна.) Былі творцы з усёй Беларусі, людзі без распаўсюджанай у сталіцы фанабэрыі, уласцівай як чальцам афіцыйных творчых арганізацый, так і неафіцыйнаму "прасунутаму" бамонду.
Выстава "Пагоні" павінна была адчыняцца перфомансам "Механёраў культуры" - гэта, дарэчы, была адна з прычынаў, што выклікала ў мяне цікавасць да мерапрыемства. Забаранілі зверху! Як гэта недарэчна бывае ў нашых зацкаваных і запалоханых чыноўнікаў. Шкада Зміцера Юркевіча - гэты хлопец ні ў якіх "нячэсных" справах ніколі не быў замяшаны.
Паступілі звесткі, што і некаторыя вострасацыяльныя працы былі зняты неўзабаве пасля адкрыцця... Што ж - "мы зразумелі, у якой краіне мы жывем"... Толькі чыноўнікі не разумеюць, што гэта супраціў не палітычны, а культурны - супраць "улады цемры", агрэсіўнага невуцтва і татальнага запалохвання.
|
Праца Аляксея Марачкіна нагадвае нам пра падзеі 19 снежня ("Шчытаносцы") |
|
Інсталяцыя з джынсу, прысвечаная газеце "Наша ніва" |
|
Алена Лось "Цар мяжы" |
|
"Пакутнікам Беларусі" (выяўлена паэтка Ларыса Геніюш) |
|
Ю. Гудзіновіч "Навальніца" |
|
Фальклорны гурт на адкрыцці |
|
Інсталяцыя "Беларуская піраміда", на якой мог напісаць сваё пажаданне кожны наведвальнік |
|
Ігар Марачкін "Суб'ектыўная рэальнасць" |
|
Праца Лявона Грышчука на біблійны сюжэт ("Адкрыццё Яна 6:8") |
|
Было шмат выяў на язычніцкую тэматыку |
|
Янка Рамановіч - таленавіты малады мастак з Берасцейшчыны |
|
Зноў Янка |
|
Працы Віктара Маркаўца і Алеся Разанава з нізкі "Адваротная сіметрыя" |
|
Сапраўдны "полак", а падпісана "Электарат" |
|
Ігар Марачкін, сын Аляксея |
|
Аляксей Марачкін |
|
Мая жонка Таццяна з выдатным мастаком-аквалерыстам Міколам Аўчыннікавым з Маладзечна. Акрамя пейзажнай акварэлі, Мікола працуе ў рэчышчы нефігуратыўнага мастацтва, "светлага авангарду" |
у меня эта выставка никаких эмоций не вызвала честно говоря
ОтветитьУдалить