вторник, 21 декабря 2010 г.

Юры Станкевіч: "Літаратура павінна зазірнуць у космас"


У свет выходзіць новая кніга культавага беларускага пісьменніка Юр'я Станкевіча "П'яўка".
Прэзентацыя яе адбудзецца 23 снежня 2010 г. а 18.00 у краме "Падземка (пр-т Незалежнасці, 43). Падрабязней пра мерапрыемства.
Справа ў тым, што ў мяне ў архівах заляжалася інтэрв'ю з пісьменнікам, узятае якраз напярэдадні напісання рамана "П'яўка". Яно ўжо публікавалася ў pdf-газеце "Неаполіс" (№29, 25 жніўня 2008 г.), але ў онлайне, на жаль, не засталося яго копіі. Маючы добрую нагоду, выкладваю тэкст гэтага інтэрв'ю – аднаго з лепшых у маёй журналісцкай практыцы.


«ЛІТАРАТУРА ПАВІННА ЗАЗІРНУЦЬ У КОСМАС»

Так павялося апошнім часам, што па кампетэнтныя меркаванні адносна набалелых праблемаў грамадскасць звяртаецца ў першую чаргу да журналістаў, палітыкаў, рок-музыкаў і каго толькі яшчэ. І мала хто цікавіцца разважаннямі пісьменнікаў – здаееца, найбольш прасунутых у плане мыслення людзей.
Тым часам, мяркуючы па рэакцыі ў інтэрнэце і ў СМІ, смерць кожнага з іх балюча ўспрымаецца грамадствам: так было і з А. Салжаніцыным, і з Ч. Айтматавым. Усё менш аптымістычных звестак мы атрымліваем з літаратурнай галіны. Таму, каб неяк выправіць гэтую тэндэнцыю, «НЕАПОЛІС» вырашыў звярнуцца да Юр’я Станкевіча, магчыма, адзінага на сённяшні момант беларускага пісьменніка, які сапраўды заслугоўвае гэтага ганаровага звання.

– Як я разумею, Юры, апошняя ваша кніга і аднайменнае апавяданне нездарма носяць назву «Мільярд удараў». Гэта роздум аб жыцці чалавека, які, як і герой апавядання Павел Дук, перайшоў гэтую біялагічную мяжу ў мільярд удараў сэрца. Хацелася б пачуць вашы разважанні на гэты конт: ці дасягнулі вы ў жыцці пастаўленых мэтаў? Якім бачыцца свет з гэтай вышыні?
– Я бачу свет праз прызму менавіта свайго жыццёвага вопыту. Мой бацька калісьці намотваў тэрмін па 58-м артыкуле ў Карлагу – там, дзе, дарэчы, калісьці адбываў сваё і Аляксандр Салжаніцын. З 15 год я ўжо працаваў, зведаў самае дно жыцця, якое да таго ж было абцяжаранае несапраўднай віной майго бацькі. А ён да гэтага часу не рэабілітаваны. Але ўсё ж параўноўваць пісьменніка з яго героямі – гэта не зусім правільна. Есць людзі, якія не могуць абстрагавацца, зазірнуць наперад – іх большасць. Пісаць пра іх лічу не вартым: што там знойдзеш новага? Можа таму пісьменнік і прапускае гэта ўсе праз сябе – тады з’яўляецца
навізна і парадаксальнасць.

– На ўзрост вы павінны былі б належаць да пакалення якіх сямідзесятнікаў, тым не менш, ваша творчасць сталася актуальнай менавіта на мяжы стагоддзяў. Як удаецца заставацца маладым духам? Быць цікавым менавіта моладзі?
– Верагодна тое, што мы настроены на адну хвалю – і я, і мае больш маладыя аднадумцы і чытачы. У нас агульны падмурак – гэта нацыянальная ідэя. Калі яна не будзе плаваць у паветры, а нарэшце напоўніцца зместам, то я тады, магчыма, буду грунтоўна выцягнуты на паверхню. Я нават мяркую, што па некаторых маіх рэчах і фільм паставяць, бо
вядомыя нашы рэжысёры ўжо неаднойчы мне казалі, што з задавальненнем бы ўзялі што і паставілі. Але ж пакуль гэта праблема.

– Сустракаўся я з такім меркаваннем, што, маўляў, Станкевіч у свой час выбухнуў кнігай «Любіць ноч – права пацукоў», а ў наступных пачаў паўтарацца, пішучы ў сваёй змрочна-правідэнцыйнай манеры. Што вы можаце сказаць у адказ людзям, якія прытрымліваюцца такога меркавання?
– Успомніўшы Шэкспіра, скажу, што ёсць такія «разэнкранцы» і «гільдэстэрны» ад літаратуры. Я, напрыклад, ведаю, хто істэрычна шкодзіць мне і выконвае спецыяльныя заданні. Накідваюцца на мяне, лаюць як ачарняльніка, ксенафоба, расіста, а камуністычная газета «Таварыш», што нават усцешыла, назвала аднойчы, цытую, «самым
опасным и циничным автором». Я не пішу пра тое, пра што ўжо выказваўся аднойчы – не варта мяне ў гэтым абвінавачваць. Пасля «Пацукоў» я пісаў толькі «свяжак». Чытайце
аповесці «Бесапатам», «Лавец святла поўні», «Апладненне ёлупа», тры аўтабіяграфічныя, антыўтопію «Эрыніі» і г. д. Усё рознае, апраўдвацца і не лічу патрэбным. Хаця некаторыя людзі, напрыклад, Дынько, які заяўляе нібыта ён дэмакрат, будучы рэдактарам «Нашай нівы», настройваў на мяне ўсякіх, так сказаць, крытыкаў. Яны там пісалі нешта, але я
не звяртаў увагі, пакуль не пачалі на хамства пераходзіць. Тады я праз прэсу прыгразіў, што пры сустрэчы, так сказаць, начышчу пятачок. Пасля гэтага ўсё адразу сціхла.

– Творцы розных пакаленняў сёння згаджаюцца з думкай, што пра другую сусветную вайну пісаць ужо не варта. А ці актуальна сёння звяртацца да тэмы савецкага мінулага, таталітарызму, улады сацыялістычнай дактрыны, якую вы ўздымалі ў некаторых сваіх творах – напрыклад, апавяданні «Паленпак» і ў рамане «Ліст у галактыку Млечны шлях»?
– Ну, тэма вайны, яна ўпіраецца ў пустэчу. Вынікі яе несуцяшальныя, а праўда, на мой погляд, замоўчваецца ў сусветным маштабе. Бо пасля яе і мы, і ўвесь свет зноў вярнуліся да хлусні, як сказаў калісьці Салжаніцын. І яшчэ ў нашмат большай ступені. Хто асмеліцца цяпер сказаць усю праўду пра вайну? Яна, дарэчы, была адказам на нейкую метафізічную небяспеку, пагрозлівае ўварванне, але не здолела яе перапыніць. А наконт тэмы ўлады магу сказаць толькі адно: ці яна падтрымлівае ў сваім народзе дух нацыянальнага адраджэння, ці затоптвае яго – і тады гэта ўжо не ўлада, а пятая калона. Бо вакол нас, на жаль, шмат
іншых народаў, якія даўно паглядаюць на нас ястрабіным позіркам, а то часам і дзяўбуць у дурныя патыліцы. Так што годзе раскірэчвацца і крычаць, што мы мірныя людзі, а
інакш мы проста загінем. А то яшчэ і да гэтага еўрапейскім пасмешышчам можам стаць.

– Вы доўгі час працавалі журналістам, а з другой паловы ’80-х пачалі займацца літаратурай. З чым былі звязаныя гэтыя перамены, калі журналіст, публічная асоба, становіцца пісьменнікам – чалавекам інтравертным, засяроджаным на сваім унутраным свеце?
– Тут справа простая: у канцы ’80-х пачалася чарговая адліга. Канешне, да яе мяне зусім не друкавалі, адказвалі звычайна, што мала грамадзянскасці, скажэнне нашай рэчаіснасці. Такія вось адказы былі на літаратурныя спробы. А так, першае кароткае апавяданне я напісаў яшчэ ў дзевятым класе. Яго нават надрукавалі ў гарадской газеце. Потым быў перапынак у два дзесяцігоддзі. Канешне, можна было пісаць пра шчаслівыя твары даярак, свінарак, але я не думаю, што гэта сапраўдная літаратура.

– Вы нярэдка звяртаецеся да акультных тэмаў: хірамантыі, тлумачэння сноў, прадказанняў, розных духоўных іерархій і г. д. Асабліва паказальны ў гэтым плане раман «Пятая цэнтурыя, трыццаць другі катрэн» – гэта нават не ўласна мастацкі твор, а пазнавальны трактат. Але, што характэрна, перададзеныя ў вашых творах звесткі пра трансцэндэнтнае носяць больш навуковы, чым містычны характар. А самі вы схіляецеся да навуковага ці рэлігійна-містычнага погляду на гэтую праблему?
– Гэта вельмі цікавае пытанне. Пачнем з таго, што Франц Кафка лічыў містычнымі рэчамі тэлеграф і друкавальную машынку. Што б ён сказаў цяпер пра інтэрнэт, мабільную сувязь, пра палёты на Месяц асабліва? Ці, напрыклад, пра апошнія навуковыя даныя аб тым, што 155
мільярдаў галактык – увесь наш Сусвет – узнік сінгулярна, гэта значыць з бясконца малой велічыні, па сутнасці, з нічога. Ты можаш сабе ўявіць бясконца малую велічыню?
А ўзяць яшчэ апошнія дасягненні ў квантавай фізіцы. Навука – яна ўперлася ў нейкую бездань містычную. А ці чуў ты, ці чытаў пра ідэі Ніка Бострама, Бары Дайнтана, Робіна
Хансана? Вельмі цікавыя ідэі. Я лічу, што літаратура таксама павінна зазірнуць у Космас, а не апісваць там усякіх людзей на балоце, журавушак і г.д. Дарэчы, ужо ёсць такія
спробы: узяць хаця б поспех такога фільма, як «Матрыца». Там закладзена вельмі цікавая ідэя. Значыць, чалавецтва ўжо падыходзіць да гэтай бездані, яно ўжо туды інтуітыўна ўглядаецца. Вось Конан Дойл, напрыклад, усё жыццё прысвяціў разгадцы тайн спірытызму, а свайго Шэрлака Холмса лічыў нечым другасным. А вазьмі цяпер – Мішэль Ўэльбек. Ен нядаўна быў усур’ёз заняты пошукамі іншапланецян, а сёння – пісьменнік, культавая асоба ў Францыі. Ну я, напрыклад, у іншапланецян не веру, на маю думку, тут усё глыбей.

– Вы адзін з нямногіх беларускіх пісьменнікаў, якія маюць уласны сайт (http://www.stankevichjury.narod.ru/). Тым больш прыемна, што гэты сайт не закідваецца, а стала абнаўляецца. Як узнікла ідэя займець сваю старонку ў інтэрнэце?
– Я чалавек-дамасед, не бегаю па літтусоўках з вырачанымі вачыма, не піяру сябе. З планаў у дзяржвыдавецтвах мяне даўно павыкідвалі. А ў афіцыйных медыях, ты ж ведаеш, там апантана піяраць адзін аднаго ўсякія графаманы. Канешне, без іх таксама нельга, бо засумуеш. Іншы раз так смешна. Калі я працаваў у часопісе «Маладосць», прыйшла да мяне дачка аднаго знакамітага дзеяча, якая прадала трохпакаёвую кватэру, каб выдаць свой раман. А там – клінічная графаманія. А так, інтэрнэт – гэта, канечне, вялікая справа. Ну, у мяне сайт такі сціплы, але заходзяць людзі і з еўрапейскіх краін, і з Канады, і з Аўстраліі, нават з
Кітая былі, хоць што яны разумеюць там па-беларуску?

– Праблематыка вашай творчасці нашмат больш глабальная, чым гэта было прынята ў беларускай літаратуры. А як бы вы хацелі, каб разглядалі вашу творчасць: у беларускім ці больш шырокім еўрапейскім кантэксце?
– Ну хто ж гэтага не хоча. Гэта залежыць ад таленту, ад таго, як ты выканаеш сваю працу. Тут судзіць не аўтару, а іншым.

– У анатацыі да кнігі «Апладненне ёлупа» сказана, што вы – культавая асоба сярод моладзі правага кірунку. А самі вы можаце ахарактарызаваць свае погляды як правыя? І вобразы чужынцаў-прыхадняў, створаныя ў вашых апавяданнях – гэта бесцялесныя мастацкія вобразы, ці яны больш прывязаны да жыцця?
– Безумоўна, гэта ўсе прывязана да жыцця. Гэта настолькі ўжо вялікая праблема, і яна ўсё больш паглыбляецца. Нават сродкі масавай інфармацыі ўвесь час вакол яе круцяцца: ты сам, магчыма, не раз сустракаўся з такімі істэрычнымі крыкамі. Чужынцы – яны створаць нам яшчэ больш праблем. Акрамя таго, я лічу, трэба не фінансаваць, ухваляць, песціць усякіх
там педыкаў, а проста – упакоўваць на нары. І садамітаў туды ж. Я лічу, што грамадства павінна быць здаровым. І калі яно будзе здаровым, тады яно будзе і нармальна разважаць. Гэта пытанне непаліткарэктнае. Калі я, напрыклад, заходжу ў краму, каб падабраць сабе абутак, я выберу якія-небудзь практычныя грындэрсы, а не модныя туфлі з закручанымі вострымі насамі. Ну, гэта ўжо залежыць ад чалавека.

– Вы вядомыя як выключна незалежная асоба ў беларускім літаратурным руху. А якія ў вас адносіны да розных творчых згуртаванняў, тыпу саюзаў пісьменнікаў і г.д.?
– Магу адказаць адно: я сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990 года.

– У апошніх кнігах з’яўляецца ўсё больш малых па форме вострасюжэтных апавяданняў, напісаных у стылі «Ізумрудна-зяленых мух»? З чым звязана ўзрастанне цікавасці да малых формаў?
– Я скажу шчыра, што часта такія апавяданні я пісаў па замове: былі газеты, якія звярталіся да мяне з такой просьбай. Для іх і пісаў.

– У вас ёсць некалькі змястоўных аўтабіяграфічных твораў: «Партрэт выпускніка на фоне «адлігі» і інш. А што больш значнае для пісьменніка: аўтабіяграфічная проза ці ўласна створаны мастацкі свет?
– Больш значна ўзняць планку вынікаў сваёй работы як мага вышэй. Гэта самае важнае.

– Вы далі беларусам героя – нонканфарміста, апантанага змагара. Гэты самы тыпаж прысутнічае і ў вашых аўтабіяграфічных творах. А наколькі, вы лічыце, вы самі адпавядаеце гэтаму гераічнаму вобразу, своеасабліваму звышчалавеку?
– Я ўжо закранаў крышачку гэтае пытанне. Я казаў, што знаходжуся на адной хвалі з сучаснай моладдзю. А сярод сучаснай моладзі, асабліва нацыянальна свядомай, я бачу такіх герояў. Яны ёсць.

– Над чым, калі не сакрэт, працуеце цяпер?
– Я задумаў вялікую рэч на 1000 старонак рукапісу, дзесьці на 500 – кампутаровых. Магу сказаць назву – «П’яўка». Гэта будзе антыўтопія, час дзеяння – 2150 год.

– А месца дзеяння?
– Месца дзеяння – тут. Ці чытаў ты аповесць «Эрыніі»? Гэта таксама антыўтопія, толькі падзеі там адбываюцца крыху раней – у 2136 годзе.
Гутарыў Алесь Сухадолаў

ДАВЕДКА:

Юры Станкевіч – культавы беларускі празаік. Пісьменніка можна абвінавачваць у непаліткарэктнасці, ультрасуб’ектывізме, але ў чым яго нельга выкрыць, дык гэта ў няшчырасці. У большасці сваіх твораў малюе апакаліптычную карціну рэчаіснасці, што чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні. Характэрна, што праблемы, пастаўленыя ў творах Станкевіча, выходзяць далёка па-за ўнутрыбеларускі кантэкст і тычацца лесу ўсей еўрапейскай цывілізацыі.
Найважнейшыя кнігі: «Любіць ноч – права пацукоў» (1998), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П'яўка» (2010).

5 комментариев:

  1. 3-4 гады не звяртаўся да творчасьці Станкевіча, увогуле амаль не чытаў анічога, а тут выпадкова ўбачыў гэтае інтэрв'ю, узрадаваўся - шмат чаго ёсьць пачытаць, пісьменнік працуе. дзякуй, Алесь Сухадолаў, за інтэрв'ю, дзякуй, Юры Станкевіч, за творчасьць, не спыняйцеся

    ОтветитьУдалить
  2. Вунь яно хто аб'явіўся! Dobry dziadźka, дык гэтае інтэрв'ю ўжо састарэла - і "Пя'ўка" ўжо даўно выйшла ў свет. Зараз Станкевіч новую кнігу рыхтуе. Так што праца працягваецца. І табе, Слава, зычу поспехаў. Калі маеш жаданне, магу твае творы спадару Юр'ю паказаць.

    ОтветитьУдалить
  3. ну для мяне не састарэла, бо толькі пабачыў.
    а што, пакажы. толькі сярод іх шмат тэкстаў зусім дурныхі несур'ёзных)

    ОтветитьУдалить
  4. Дык ты, дзядзька, мо сам абяры тыя, што варта паказаць Станкевічу

    ОтветитьУдалить